Сяргей Міхалок -- лідар культавага гурта "Ляпіс Трубяцкой" -- адзначае сёння 40-годдзе. Любімы народам, але пераследаваны ўладамі Беларусі, музыка жыве цяпер не на радзіме, але плённа працуе над новымі творчымі праектамі. "Ляпіс Трубяцкой" пачынаў як "балаганны" гурт, скіраваны на расейскую аўдыторыю. І цяпер яго тур адбываецца не па Беларусі, а па Расеі, затое з дэвізам на афішах -- "Не быць скотам". Грамадзянская пазіцыя Сяргея Міхалка як ніколі яскрава выявілася пасля падзеяў на Плошчы-2010. У інтэрнэце ён выклаў песню "Грай", у якой праводзіліся паралелі з тым, што адбывалася ў краіне. Праз гэта "Ляпіс Трубяцкой" трапіў у сумнавядомы "чорны спіс". Міхалок не змаўчаў і выказаў усё, што думае пра кіраўніка краіны. Неўзабаве пракуратура распачала праверку гэтых выказванняў, таму музыка палічыў за лепшае на радзіму пакуль не вяртацца. Але і за мяжою Сяргей Міхалок гукае "Жыве Беларусь!" і "ШОС", а кліпы гурта насычаныя нацыянальнаю сімволікаю. Але музыка таксама інтэрнацыяналіст. У свой дзень народзінаў спявак выклаў у сеціва новы кліп: "Пуцінарода". Сяргей Скулавец, "Аб'ектыў"