"Тузін гітоў" запускае новы партал і марыць пра ўласнае радыё А вось найлепшых выканаўцаў сезону ўзнагародзілі ў рэжыме оф-лайн. 16 верасня стартаваў першы тур хіт-параду новага музычнага сезону партала "Тузін гітоў", а ў клубе "Графіці" прайшла канцэрт-цырымонія па выніках музычнага сезону--2011. Узнагароджанне найлепшых выканаўцаў сезону на "Тузіне гітоў" у рэжыме оф-лайн адбываецца ўпершыню за васьмігадовую гісторыю парталу. Паводле ўдзельнікаў праекту, да гэтай ідэі падштурхнула серыя паспяховых канцэртаў "Жывы Тузін (Unplugged)", якія штомесяц праводзяцца ў клубе "Графіці". Удзел у цырымоніі ўзялі ўсе 12 выканаўцаў (ці іхныя прадстаўнікі), песні якіх трапілі ў тузін найлепшых па выніках "Мегатуру". "Музычны сезон--2012 на "Тузіне" пачаўся стартам першага туру хіт-параду, суперцікавымі песнямі ды прэм'ерамі: "Воплі Відоплясова", Алег Джагер, новыя песні "Крамы", Вайцюшкевіча, "Накі" ды шмат іншага. Цягам першага туру мы падлучым новую версію парталу", -- расказвае Вецер Механічны, дызайнер, выдавец "Тузіна гітоў". Сёлетні "Прэм'ер-Тузін" -- ужо шосты дыск-справаздачнік, што збірае найлепшыя песні кожнага сезону. Традыцыйна на ім акрамя 12 трэкаў у CD-якасці месціцца і MP3-частка, куды ўвайшло яшчэ 30 песень, адабраных экспертамі ды наведнікамі парталу. Адметнасць сёлетняга дыска ў тым, што ён цалкам выраблены на тэрыторыі Беларусі. Стваральнікі "Тузіна гітоў" абяцаюць, што хутка партал пяройдзе на новую версію: дызайн, інтэрактыўныя магчымасці, рубрыкі ды матэрыялы <b>...</b>