І ДУБКОВА ДАЛЁКА НЕ ПРАЙШЛА Новы год у серыі турніраў "Про-тур" Міжнароднай федэрацыі настольнага тэнісу распачаўся ў Будапешце. І на Адкрыты чэмпіянат Вугоршчыны прыехаў нават першая ракетка свету ў мужчынаў -- кітаец Ма Лон, але адсутнічае найлепшы з еўрапейцаў -- немец Тыма Боль, ды беларус Уладзімір Самсонаў, які мае чатырнаццаты рэйтынг у свеце. Ніхто з нашых мужчынаў у асноўную сетку не трапіў, і заставалася хвалявацца толькі за Алену Дубкову. У матчы другога кола беларуска саступала 0:2 суперніцы з Тайпею, здолела зраўняць вынік, але не дацягнула і ў 1/8 фіналу прапусціла азіятку. Наступны раз спартоўцы збяруцца на "Про-тур" 25 студзеня ў славенскім Вэлене.