Дзеля далучэння да Балонскага працэсу Беларусь мусіць правесці шэраг рэформаў у сістэме адукацыі. Да такой высновы прыйшла працоўная група Балонскага працэсу. Яе чальцы падкрэсліваюць, што акадэмічныя нормы ў Еўропе прадугледжваюць акадэмічную свабоду ды інстытуцыйную аўтаномію ўніверсітэтаў, а таксама ўдзел студэнтаў у кіраванні навучальнай установаю. У Беларусі ж такой практыкі няма. Апроч таго, Балонскі камітэт звярнуў увагу на адлічэнні студэнтаў за ўдзел у палітычных і грамадскіх акцыях ды на тое, што ў шматлікіх універсітэтах няма магчымасці навучацца па-беларуску. Канчаткова дадуць адказ на заяўку Беларусі на далучэнне да Балонскага працэсу ў красавіку. Дагэтуль не было выпадкаў адмовы краінам. Удзельнікамі Балонскага працэсу ёсць 47 дзяржаваў. Беларусь -- адзіная ў Еўропе краіна, якая ў яго не ўваходзіць. Заяўку на далучэнне афіцыйны Менск склаў улетку 2010 года. Мар'яна Чарняева, "Аб'ектыў"