Старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч адзначыў, што ўстанова можа перагледзець сваю пазіцыю аб смяротным пакаранні, калі з запытам звернуцца ўпаўнаважаныя суб'екты. Таксама Міклашэвіч адзначыў, што звароты грамадзянаў на гэту тэму летась ва ўстанову не траплялі. ПЁТР МІКЛАШЭВІЧ, СТАРШЫНЯ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА: "Непасрэдна ў Канстытуцыйны суд летась не паступалі такія прапановы". Паводле Пятра Міклашэвіча, такія звароты атрымалі іншыя дзяржаўныя структуры: паводле падлікаў старшыні Канстытуцыйнага суда, цягам 2011 года іх было прынамсі 58. Аднак упаўнаважаныя дзяржорганы не перадавалі гэтых лістоў у Канстытуцыйны суд. Пры гэтым больш за 160 тысяч петыцыяў за адмену гэтай меры затрымаліся яшчэ на падыходзе да Адміністрацыі прэзідэнта. 9 снежня праваабаронцы з цэнтру "Вясна" ды прадстаўнікі «Amnesty International» занеслі туды скрыні з заявамі, але іх не прынялІ ды запатрабавалі даслаць петыцыі праз пошту. Адэля Дубавец, «Аб'ектыў»