Не так добра склаўся адпачынак у турыстаў, што скарысталіся паслугамі буйнога расейскага тур-аператара «Ланта-тур Ваяж». На момант банкруцтва кампаніі па дамовах з ёй у адпачынку былі і 20 беларускіх грамадзянаў. Пакуль толькі двое з іх паспяхова вярнуліся на радзіму. У Міністэрстве спорту і турызму нам зазначылі, што восем чалавек на адпачынак адправіла афіцыйнае прадстаўніцтва ў Беларусі расейскай кампаніі «Сафітэль», іншыя 10 асобаў выехалі па турыстычных пуцёўках ад іншых беларускіх аператараў, якія таксама карысталіся паслугамі кампаніі. ВАДЗІМ КАРМАЗІН, ДЫРЭКТАР ДЭПАРТАМЕНТУ ТУРЫЗМУ: «На сённяшні момант 18 чалавек, трымаем пад кантролем, і праблемаў яны не выклікаюць, пытанні будуць рэгулявацца». Праблемы ў беларускіх турыстаў тыя ж, што і ў расейцаў. Кампанія «Ланта-тур» людзей на адпачынак выправіла, аднак на жытло і транспарт грошы не перавяла, таму гатэлі патрабуюць аплаты ад саміх турыстаў. Сваімі грашыма людзі мусяць аплаціць і вяртанне дадому. Адметна, што кіраўніца кампаніі-банкрута Людміла Пучкова — родам з Барысава. З канца мінулага тыдня ніякай сувязі з ёй няма.