Польская амбасада выступіла з абвяржэннем пададзенай беларускім дзяржаўным тэлебачаннем інфармацыі пра тое, што палякі прыцясняюць беларускую нацыянальную меншасць. Напярэдадні пра ціск і прымусовы перавод беларускага культурніцкага цэнтру з Беластоку ў Варшаву заявіў вядоўца праграмы «У цэнтры ўвагі» Першага каналу БТ. У польскай амбасадзе інфармацыю палічылі некарэктнаю, бо афіцыйна Менск без праблемаў пагадзіўся на адкрыццё цэнтру ў Варшаве, і ўсе нюансы дакументальна абумоўленыя. ЛЕШЭК ШЭРЭПКА, АМБАСАДАР ПОЛЬШЧЫ Ў БЕЛАРУСІ: «Я маю праект гэтага пагаднення, і там сказана, што Польшча адкрывае Польскі інстытут у Менску, Беларусь адкрывае культурны цэнтр у Варшаве. Але гэта не перашкаджае таму, каб у будучыні, ці нават паралельна, па прынцыпе згоды адкрываць культурныя цэнтры ў іншых месцах. Згодна з практыкаю, цэнтры, якія будуць адчыняцца ў іншых гарадах, мусяць працаваць на тэрыторыі консульскай акругі, а не ўсёй краіны. Так што тут я не бачу ніякай праблемы». Тым часам польская амбасада ў беларускай сталіцы можа апынуцца на вуліцы. Да часу, калі яна мусіць пакінуць сваю сядзібу на вул. Румянцава, 13, засталося менш за чатыры месяцы. Прапанаваны палякамі варыянт будынку беларускі бок адхіліў. Вольга Кляўчэня, «Аб'ектыў»