Віцэ-прэм'ер Сяргей Румас назваў вынікі прыватызацыі за мінулы год "несуцяшальнымі ды нават правальнымі". На паседжанні калегіі Дзяржаўнага камітэту маёмасці віцэ-прэм'ер нагадаў, што ў 2011 г. былі прададзеныя дзяржпакеты акцыяў 34 прадпрыемстваў, што ў сем разоў больш за паказчык 2010 г. СЯРГЕЙ РУМАС, ВІЦЭ-ПРЭМ'ЕР: "Але гэта толькі 19 % ад агульнай колькасці таварыстваў, запланаваных да прыватызацыі ў 2011 г. Відавочна, можа з'явіцца такая ж праблема і з рэалізацыяй дзяржаўных пакетаў". Сёлета перад урадам стаіць амбітная задача -- прыватызаваць 133 прадпрыемствы, у тым ліку 83 з ліку не прададзеных у 2011 г., пераважна малаперспектыўных стратных аб'ектаў. Да таго ж неабходна прыцягнуць не менш як $ 2,5 млрд за кошт прыватызацыі, а таксама ўлучыць у гаспадарчае абарачэнне дзяржаўную маёмасць, што не выкарыстоўваецца. Несуцешныя не толькі вынікі прыватызацыі. Узровень інфляцыі, паводле чыноўніка, за першы месяц года перавысіць запланаваны паказнік і складзе каля 2 %. Вольга Саўле, "Аб'ектыў"