Катаванне, вярбоўка КДБ -- свабода. Пра тое, якім чынам яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, медыям распавёў кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец. Месяц знаходжання ў СІЗА Камітэту дзяржбяспекі, паводле яго, можна параўнаць толькі з гестапа. УЛАДЗІМІР КОБЕЦ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ: «З нас здзекаваліся байцы невядомага падраздзялення ў масках, узброеныя электрашокерамі і дубінкамі. Нас абшуквалі, прымушаючы распранацца дагала і прысядаць, ставілі на расцяжкі і білі ботамі па нагах, ганялі па стромкай лесвіцы ў кайданках, абражаючы і зноў наносячы ўдары па нагах». Інфармацыйная ізаляцыя, допыты без адваката, шантаж расправаю з блізкімі, фізічны і псіхалагічны ціск -- менавіта гэтакім чынам КДБ выбіў падпісанне згоды на супрацу, заяўляе Уладзімір Кобец. Цяпер ён па-за межамі Беларусі, дзе і даведаўся пра спыненне крымінальнай справы супраць яго. Паводле актывіста, такая схема магла быць выкарыстаная і ў адносінах да іншых палітвязняў. Пра катаванні і вербаванне КДБ першы заявіў экс-кандыдат на прэзідэнта Алесь Міхалевіч. Пазней факт катаванняў пацвердзілі і іншыя палітзняволеныя, у тым ліку тыя, каго нядаўна адпусцілі з турмаў. Патрабаванні расследаваць гэтыя злачынствы вынікаў, аднак, не прынеслі. Ніводнай крымінальнай справы паводле фактаў катавання не адкрылі. Вольга Кляўчэня, «Аб'ектыў»