З-за моцных маразоў цярпяць і еўрапейцы. У заходніх краінах за перыяд пахаладання загінулі ўжо 160 чалавек. Не выключана, што гэтая лічба яшчэ павялічыцца. Піку маразоў чакаюць на выходных. Лютыя маразы ва Украіне забралі жыцці больш як 100 чалавек, і гэта толькі за тыдзень. Заходняя суседка -- Польшча, дзе тэмпература апусцілася да мінус 30, -- таксама шакуе лічбамі: 29 памерлых з-за маразоў. У Латвіі толькі ў сталіцы краіны Рызе загінулі 10 чалавек. Смяротныя выпадкі зафіксаваныя ў Літве, Нямеччыне, Балгарыі. У Сербіі чыноўнікі паведамляюць пра смерць прынамсі 6 чалавек, аднак 12 000 чалавек па-ранейшаму заблакаваныя праз снежныя заносы ў вёсках. У Расеі ды Казахстане зафіксаваныя самыя нізкія тэмпературныя паказнікі за ўсю гісторыю назіранняў. Маразы не шкадуюць нікога. Сёння медыям стала вядома пра смерць ад марозу вядомага расейскага актора Анатоля Атраднава, вядомага сваімі ролямі ў такіх фільмах, як "Глушэц", "Салдаты" ды іншых. Трагедыя здарылася яшчэ 30 студзеня ў падмаскоўных Мыцішчах, але апазналі Атраднава толькі цяпер. Эксперты мяркуюць, што актору стала дрэнна з сэрцам, ён упаў, страціўшы прытомнасць, і замерз. Вольга Саўле, "Аб'ектыў"