Чарговае павышэнне заробкаў для сілавікоў чакаецца ў Беларусі. Гэтым разам Аляксандр Лукашэнка даручыў міністрам радыкальна перагледзець узровень афіцэрскіх акладаў улічваючы рост заробкаў у Расеі. АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ: «У нас агульнае войска з Расеяй (я маю на ўвазе задачы, якія перад намі стаяць), а грашовае забеспячэнне пасля апошняга павышэння ў Расеі можа адрознівацца нават у два разы». Гэта паводле прэзідэнта. Статыстыка кажа пра іншае. У пераліку на долары пасля дзвюх дэвальвацыяў у Беларусі ды перадвыбарчага павышэння заробкаў у Расеі лейтэнант, што абараняе Сінявокую, зарабляе амаль у шэсць разоў меней за свайго калегу з усходу. І гэта пры тым, што літаральна ў кастрычніку і лістападзе летась ва Узброеных сілах афіцэрскі аклад павышалі двойчы. Наколькі гэтым разам маюць вырасці заробкі, пакуль не паведамляецца. Разам з вайскоўцамі плануюцца надбаўкі і для ўсіх сілавікоў. Алесь Залеўскі, «Аб'ектыў»