У лісце прэм'ера Славаччыны, які быў надрукаваны ва ўплывовай газеце "Wall Street Journal", гаворыцца, што старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" выявіў сумленнасць і адвагу, застаўшыся на радзіме, хоць і ведаў пра хуткі арышт і абвінавачанні, якія неўзабаве высунулі супраць праваабаронцы ўлады Беларусі. Раней у Нобелеўскі камітэт з прапановаю вылучыць Бяляцкага на прэмію міру звярнуліся дэпутаты Вярхоўнай рады Украіны. Першыя з такою ініцыятываю выступілі чальцы польскага Сейму, а таксама літоўскія парламентары, якіх падтрымала Міністэрства замежных справаў у Вільні. Менавіта звесткі, перададзеныя польскімі ды літоўскімі ўладамі, спрычыніліся да таго, што Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4 з паловаю гады зняволення, нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Аркадзь Несцярэнка, "Аб'ектыў"