А першыя захады дзеля выканання прэзідэнцкага загаду, падобна, ужо робяцца. Надрукаваная новая купюра -- наміналам 200 000 руб. Яна ўвойдзе ў абарачэнне 12 сакавіка. Адпаведную пастанову выдала праўленне Нацыянальнага банку. Планы выпусціць новую банкноту старшыня Нацбанку Надзея Ермакова агучыла напрыканцы мінулага года. Чыноўніца паведаміла, што на 200-тысячнай купюры будуць намаляваныя архітэктурныя матывы, характэрныя для беларускіх грошай узору 2000 г. Менавіта тады ў абарачэнне ўвайшоў новы тып банкнотаў, адзінаццаць з якіх актуальныя дагэтуль. Пры гэтым кіраўніцтва Нацбанку неаднаразова заяўляла пра планы вывесці з абарачэння ўсе купюры наміналам да 100 руб. Пры актуальным курсе валютаў найдрабнейшая 10-рублёвая банкнота, якая дагэтуль застаецца ў абароце, каштуе каля 0,0012 амерыканскага цэнта. Сяргей Марчык, "Аб'ектыў"