Такіх уражанняў у пошуках больш таннага жытла, як у старым фільме, цяпер можа пабольшаць. Бо з павышэннем падатку для гаспадароў зменяцца кошты і для наймальнікаў. НАТАЛЛЯ РАДЗЕНЯ, АГЕНЦТВА НЕРУХОМАСЦІ «ТВАЯ СТАЛІЦА»: «Калі сумы будуць значныя, то або гэта першапачаткова закладзена ў кошт кватэры, ці гэта будзе паводле дамоўленасці: можа, будуць неяк на дваіх сплачваць падаткі». Сёння падатак за найманую кватэру плацяць гаспадары. Гэта ў Менску Br 35--70 тыс. за аднапакаёўку ў залежнасці ад яе месцазнаходжання. З павышэннем базавай велічыні падатак мае скласці Br 100--200 тыс. А калі адбудзецца адрыў падатку ад базавае -- Br 75--300 тыс. Калі такія кошты пакладуцца на плечы наймальнікаў, шмат для каго кватэра стане не па кішэні. АЛЯКСАНДР, НАЙМАЛЬНІК: «Калі дзяржава не будзе павышаць надалей заробкаў, то пра найманне кватэры можна ўвогуле забыцца. Гэта ў аднапакаёўцы будуць жыць 6--8 чалавек. Як было ў 90-я гады, у прынцыпе». Для афіцыйных наймальнікаў існуюць ільготы: прапіска, пасля дзесяці гадоў пражывання -- права на льготнае крэдытаванне, але зразумела, ні яны, ні гаспадары больш плаціць не хочуць. ВІКТАР, ГАСПАДАР КВАТЭРЫ: «Увогуле адмовіцца плаціць. Значыць, здаваць вельмі давераным людзям, якія ў падатковую не пабягуць». І калі такая шэрая схема спрацуе, то наўрад ці дзяржава дасягне сваёй мэты і атрымае больш падаткаў ад гаспадароў кватэраў. Сяргей Падсасонны, «Аб'ектыў»