Яшчэ 135 службовых асобаў могуць трапіць у чорны спіс Еўразвязу. Ім пагражае забарона на ўезд у краіны аб'яднай Еўропы, а таксама замарожванне рахункаў і маёмасці. Рада Еўразвязу пашырыла крытэрыі прымянення санкцыяў у дачыненні беларускіх чыноўнікаў. Паводле прынятых паправак, такія санкцыі могуць ужывацца да асобаў, адказных за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека або падаўленне грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі, а таксама да асобаў і арганізацыяў, якія атрымліваюць прыбытак ад рэжыму Лукашэнкі ды падтрымліваюць рэжым. У спісе, зацверджаным Радаю Еўразвязу год таму, першапачаткова было 158 асобаў, да іх увесь час дадаваліся ўсё новыя супрацоўнікі рэжыму. Цяпер пад санкцыі патрапляюць больш за 200 чалавек, а, паводле новага рашэння, да спісу могуць далучыць яшчэ 135 асобаў. Паседжанне Рады міністраў замежных справаў Еўразвязу, на якім разгледзяць пашырэнне санкцыяў, запланаванае на 27 лютага. Адэля Дубавец, «Аб'ектыў»