Нашая краіна рэдка трапляе на вяршыні рэйтынгаў -- тым больш побач са Злучанымі Штатамі. Аднак у спісе самых небяспечных краінаў для інтэрнэт-сэрфінгу Беларусь не толькі ўвайшла ў першую пяцёрку, але і зусім няшмат саступіла ЗША. Згодна з даследаваннем, якое правялі эксперты міжнароднай кампаніі «Лабараторыя Касперскага», самая небяспечная краіна для інтэрнэт-карыстальнікаў -- Расея. Менавіта камп'ютары нашых усходніх суседзяў найчасцей цярпяць ад атакаў у сусветным павуцінні. Затым ідуць Аман, ЗША і Арменія. Беларусь завяршае пяцёрку найбольш небяспечных краінаў для інтэрнэт-карыстальнікаў. Звычайна пагрозы звязаныя з тым, што частка сайтаў распаўсюджвае небяспечныя для камп'ютараў вірусы. Самыя ж бяспечныя краіны, паводле рэйтынгу, амаль цалкам экзотыка: Эфіопія, Гаіці ды іншыя краіны трэцяга свету. Там інтэрнэт, а разам з ім і кіберзлачыннасць, слаба развітыя.