Яшчэ васямнаццаць беларускіх чыноўнікаў могуць стаць неўязнымі ў Еўразвяз. Адпаведную працэдуру у сувязі з арыштам праваабаронцы Алеся Бяляцкага распачало Міністэрства замежных справаў Літвы. Прозвішчы службоўцаў пакуль не называюцца, але ўсе яны маюць быць звязаныя з пераследам праваабарончага цэнтру "Вясна" і яго кіраўніка. Беларускі бок скарыстаўся дамоваю аб прававой дапамозе, дзякуючы якой атрымаў з Вільні інфармацыю пра банкаўскія рахункі Бяляцкага. Праваабаронцу абвінавачваюць ва ўхіленні ад падаткаабкладання і ўжо больш як паўтара месяца ўтрымліваюць у менскім СІЗА № 1. Літоўскае МЗС хоча таксама, каб чарговыя беларускія чыноўнікі трапілі ў "чорны спіс" ўсяго Еўразвязу. Дагэтуль забарона на ўезд ахапіла каля 200 беларускіх суддзяў, пракурораў ды іншых чыноўнікаў, датычных да рэпрэсіяў. Вольга Кляўчэня, "Аб'ектыў"