Першы дзень вясны. Але ў адносінах паміж афіцыйным Менскам і Еўразвязам пацяплення не чакаецца. Дыпламатычнае супрацьстаянне яшчэ больш набірае абароты. Цяпер аб'яднаная Еўропа рыхтуе новыя візавыя санкцыі. Гэтым разам супраць чыноўнікаў-алігархаў, блізкіх да Аляксандра Лукашэнкі. Ёсць іншы варыянт -- адмена санкцыяў... Але для гэтага ўлады Беларусі мусяць выпусціць і рэабілітаваць усіх палітвязняў. Які варыянт цяпер найбольш імаверны? Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, ён жа вярхоўны галоўнакамандуючы, нярэдка кажа пра знешніх ворагаў, якія хочуць усіх нас «нахіліць» і адняць незалежнасць. Пасля гандлёвых і газавых войнаў з Расеяй сённяшнюю дыпламатычную вайну з Еўропай афіцыйны Менск называе дзеяннямі супраць беларускага народу.