Шчодрыя абяцанні кандыдатаў і сумненні ды прадчуванні выбарцаў. Сёння ў нашых усходніх суседзяў -- апошні дзень перадвыбарчай кампаніі. Апоўначы агітацыя зменіцца перадвыбарчаю цішынёй. Як жа прайшоў апошні дзень галоснасці? Самая дарагая прэзідэнцкая кампанія, паводле афіцыйных падлікаў, была ў прэм'ера Уладзіміра Пуціна. У эфіры федэральных каналаў яго рэкламавалі нашмат часцей за іншых кандыдатаў. Усяго на агітацыю за Пуціна выдаткавалі больш за 12,5 мільёна долараў, з іх 2 мільёны -- на рэкламу ў інтэрнэце. Нават мільярдэр Міхаіл Прохараў за перадвыбарчую гонку заплаціў менш. Беспрэцэдэнтная была і антыагітацыя. Антыпуцінскія мітынгі грымелі па ўсёй краіне, вяршкі бамонду ў роліках звярталіся да прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева.