Чорны спіс для невыязных беларусаў стаў рэальнасцю, а Анатоль Лябедзька зрабіўся першым, хто адчуў яго дзеянне. Сёння палітыка не выпусцілі з Беларусі на памежным пераходзе ў Літву. Раней, каб стаць невыязным, даволі было не заплаціць аліментаў. А што трэба зрабіць цяпер? Замест сустрэчаў у Міністэрстве замежных справаў і парламенце Літвы -- паўдня ў прыдарожнай кавярні на памежным пераходзе. Менавіта тут вымушаны быў чакаць партыйнага транспарту Анатоль Лябедзька, каб вярнуцца ў Менск з замежнай камандзіроўкі, якая скончылася на мяжы радзімы.