Як кажуць, самы прыемны падарунак -- зроблены ўласнымі рукамі. Або проста рукамі. У індыйскі горад майстроў Варанясі прыязджаюць па шоўкавыя вырабы ручной працы з розных куткоў свету. Кожная рэч -- сапраўдны мастацкі шэдэўр, а кошт сягае ад сарака долараў да некалькіх тысячаў. Мусульманскі раён Ляляпур не проста знайсці ў старажытным Варанясі. Аднак кожная індыйская жанчына марыць трапіць сюды: сары і тканіны найвышэйшай якасці вырабляюць тут -- на мануфактуры "Rozi Silk International". Неверагодна, але фабрыка -- гэта дзясяткі маленькіх цёмных пакойчыкаў, прычым у розных закутках раёну. Трапіць сюды можна толькі з дазволу гаспадара ды ў суправаджэнні правадніка. Такога, як Магатма.