Творы слыннага польскага паэта, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша загучалі па-беларуску. У Менску на Міжнародным фестывалі "Вялікае Княства паэзіі", прысвечаным стагоддзю творцы, былі прэзентаваныя аўдыёкніга і чатырохтомны збор твораў у перакладзе на беларускую мову. Імпрэза сабрала не толькі літаратурны свет Беларусі, але і паэтаў замежжа ды музыкаў, што спявалі песні на словы Чэслава Мілаша. Мала хто з польскіх творцаў мае ў Беларусі прызнанне, параўнальнае з любоўю да Чэслава Мілаша. Працягвае традыцыю шанавання і сёлетні фестываль "Вялікае княства паэзіі", прысвечаны стагоддзю слыннага паэта. Паэт, які пісаў пра зямное, чалавек, які нарадзіўся пры царызме і перажыў два таталітарныя рэжымы: фашысцкі і камуністычны, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Чэслаў Мілаш лічыў сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага. УЛАДЗІМІР АРЛОЎ, ПІСЬМЕННІК: "Адчуванне сябе творцам, які нарадзіўся і ствараў на сумежжы некалькіх народаў, вельмі шмат дало Чэславу Мілашу ў ягонай паэтыцы". Два фестывальныя дні Менск збіраў перакладчыкаў Мілаша з ягонай "роднай Еўропы" -- Беларусі, Літвы, Украіны ды Расеі. Людзі падобных з ім поглядаў і лёсаў. Як, напрыклад, удзельніца "дэманстрацыі сямі" на Краснай плошчы Масквы супраць уводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну Наталля Гарбанеўская. НАТАЛЛЯ ГАРБАНЕЎСКАЯ, ДЫСІДЭНТКА, ПЕРАКЛАДЧЫЦА: "Шмат месяцаў, пакуль я перакладала, пакуль я яго правіла, гэта было шчасце, гэта было такое шчасце... Я перакладала, як пісала свае вершы <b>...</b>