Перагледзець адмову памілаваць Канавалава і Кавалёва заклікаюць Аляксандра Лукашэнку вядомыя замежныя палітыкі. Беларускае пытанне хоць і выклікала гарачыя дыскусіі ў Еўрапейскім парламенце, аднак планаванае на сёння галасаванне ў рэзалюцыі наконт Беларусі дэпутаты адклалі да наступнага паседжання, якое адбудзецца напрыканцы месяца. Ці скарыстаецца афіцыйны Менск дадзеным яму шанцам і зробіць крокі дзеля паляпшэння дачыненняў з Еўропаю? Сцэнар сённяшняга паседжання Еўрапейскага парламенту ў Страсбуры для Беларусі меўся быць іншы. Дэпутаты мусілі прагаласаваць за ўзгодненую рэзалюцыю, што асуджае ўладны пераслед праваабаронцаў, незалежных журналістаў ды прадстаўнікоў апазіцыі. Таксама рашэнне Еўрапарламенту мела падштурхнуць Раду Еўропы павялічыць абмежавальныя захады супраць беларускіх чыноўнікаў, ды нават увесці эканамічныя санкцыі. Каб праз гаспадарку прымусіць Менск да вяртання грамадзянскіх свабодаў.