Прадстаўніца Беларусі ў Міжнародным валютным фондзе, старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова не возьме ўдзелу ў гадавым сходзе МВФ і Сусветнага банку, што праходзіць у Вашынгтоне. Чыноўніца, якая ў адным з інтэрв'ю прызналася, што ніколі не мела долараў, не змагла трапіць у Злучаныя Штаты. Аднак не з-за адсутнасці валюты. Яшчэ ўчора Ермакова мела вылецець у ЗША на чале беларускай дэлегацыі, аднак, як паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Андрэй Савіных, амерыканская амбасада выдала чыноўніцы візу са спазненнем. Беларускае Міністэрства замежных справаў ужо агучыла заяву, у якой сцвярджаецца, што дыпламатычнае прадстаўніцтва ЗША стварае бар'еры і непатрэбныя перашкоды для працы нашай краіны ў межах МВФ. У выніку інцыдэнту замест Надзеі Ермаковай беларускую дэлегацыю, што прыбыла ў Вашынгтон, ачоліў міністр фінансаў Андрэй Харкавец, разам з якім прыляцеў і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў. Згодна з даручэннем прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, дэлегацыя мае актывізаваць перамовы з Міжнародным валютным фондам адносна ацэнкі макраэканамічнай сітуацыі ў Беларусі ды новай крэдытнай праграмы. СЯРГЕЙ РУМАС, НАМЕСНІК ПРЭМ'ЕР-МІНІСТРА БЕЛАРУСІ: "Цяпер сума крэдыту не можа быць названая, і, напэўна, яна не ёсць вызначальнаю. Галоўнае для нас -- гэта праграма і тое, што будзе запісанае ў гэтай праграме. Гэта прадмет доўгіх перамоваў, а сумы называюцца розныя -- ад 3 да 7 млрд долараў". Сяргей Марчык, "Аб'ектыў"