Беларускі фальклорны танец мае шмат агульных рысаў з рускім і ўкраінскім, аднак адрозніваецца ад іх больш развітай унутранай скіраванасцю. "Наш танец больш накіраваны на ўнутраныя адносіны пары паміж сабой. Танцоры танцуюць не напаказ, а больш для атрымання такога эстэтычнага задавальнення ўнутры пары. Рускія танцы больш разухабістыя — у іх вельмі шмат перастраенняў. Украінскія — таксама даволі паказныя, для народа. Хаця і ў беларусаў такія танцы ёсць, тая ж самая "Барыня" або "Чаркесік", але ў нас такіх танцаў значна менш, чым у суседзяў. Вельмі адрозніваюцца беларусы ў танцы ад літоўцаў і палякаў — перш за ўсё тэмпамі: польскія танцы значна хутчэй танцуюцца, але яны бяднейшыя па ўнутранай харэаграфіі, а літоўскія танцы наадварот больш стрыманыя", — гаворыць вядомы этнахарэограф, кіраўнік Любанскага фальклорнага ансамбля "Верабейкі" Сяргей Выскварка