Рэха справы аб тэракце ў менскім метро не сціхае. Працягваецца суд над Аляксандрам Крутым, які прадстаўляў інтарэсы сваёй дачкі Інэсы, пацярпелай падчас выбуху, а пасля быў абвінавачаны ў хуліганскіх дзеяннях і накіраваны на прымусовае лячэнне. Паўторны разгляд справы праходзіць у закрытым рэжыме і без удзелу падсуднага. Са сведкаў, што сёння ўдзельнічалі ў працэсе, і адваката падсуднага ўзялі падпіску аб невыдаванні матэрыялаў судовага разбору. Паводле афіцыйнай версіі, працэс закрылі, каб перадухіліць выдаванне звестак, якія нібыта ўшчамляюць годнасць пацярпелай -- галоўнай лекаркі паліклінікі № 32 Валянціны Чупрык. Пасля разгляду касацыйнай скаргі справу накіравалі на пераразгляд, аднак вызваліць Крутога з-пад варты суд адмовіўся.