Авеню дэ Шанз-Элізэ ў Парыжы. Гэта адзін з самых вядомых і самых дарагіх праспектаў свету. Даражэйшы за лонданскую Бонд-стрыт і Пятую Авеню ў Нью-Ёрку. Ці варта тут рабіць веснавы шопінг? Па-французску гэтае месца завецца авеню дэ Шанз-Элізэ. Калі верыць аднайменнай песні Джо Дасэна, "тут можна знайсці ўсё -- і ўдзень і ўначы, і ў сонечнае надвор'е і пад дажджом". Крамы "Мерседэс", "Гуга Бос", "Іў Рашэ", "Лякост" ды іншых вядомых фірмаў дапамогуць кожнаму значна аблегчыць свой банкаўскі рахунак. Адзін квадратны метр арэнды гандлёвай плошчы каштуе больш за 10 тысяч еўраў на год. І таму наўрад ці тут можна разлічваць на зніжку. І ўсё ж, як мяркуюць мясцовыя гісторыкі, Шанз-Элізэ -- гэта нешта большае, чым проста вялікі ўнівермаг.