Прагучаў прысуд у справе выбуху на "Пінскдрэве", у выніку якога ў 2010 г. загінулі чатырнаццаць чалавек. На лаве падсудных апынуліся тры былыя высокапастаўленыя службоўцы. Усе яны прызнаныя судом вінаватымі. Непакараны застаўся галоўны фігурант справы. Прысуд у справе "Пінскдрэву" суддзя Андрэй Курысюк зачытваў амаль чатыры гадзіны. Ігар Логвінаў і Уладзімір Шастакоў, якія займалі пасады галоўных інжынераў уласна фабрыкі ды адпаведнага холдынгу, прызнаныя судом вінаватымі ў парушэнні тэхнікі пажарнай бяспекі. Першы атрымаў 3 гады калоніі, другі -- 4. Адразу пасля абвяшчэння прысуду на абодвух надзелі кайданкі. Пацярпелыя ж гавораць пра занадта мяккае пакаранне.