Вызваліць палітвязняў! Цяпер гэта не патрабаванне дэмакратычных сілаў краіны ды міжнароднай супольнасці, а абяцанне Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт заявіў, што найбліжэйшым часам разгледзіць магчымае вызваленне тых, хто напісаў прашэнне аб памілаванні. Ці можна верыць прэзідэнцкаму слову -- тым больш, што гэткае абяцанне гучыць ужо не ўпершыню? Аляксандр Лукашэнка чарговы раз абяцае свабоду палітвязням. Тэрмін -- дакладна не акрэслены "бліжэйшы час". Тыя ж, што не напісалі прашэння -- а іх, згодна з падлікамі прэзідэнта, "адзін ці два", -- будуць сядзець. Жонка палітзняволенага Змітра Бандарэнкі, які якраз звяртаўся з прашэннем аб памілаванні, вельмі стрымана каментуе заяву Лукашэнкі. Кажа, што пакуль гэта толькі словы.