Тым часам беларускае Міністэрства прыроды заяўляе, што ўкраінскі бок не выстаўляў афіцыйных прэтэнзіяў да Беларусі. Пра гэта заявіў намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатоль Ліс. На ягоную думку, пытанне «часам палітызуецца». Ён заявіў, што пры распрацоўванні Хаціслаўскага радовішча выконваюцца ўсе ўмовы, звязаныя з аховаю навакольнага асяроддзя. «Па вялікім рахунку, такой небяспекі, што знікнуць Шацкі азёры, няма», -- адзначыў намеснік міністра. Пры гэтым Ліс не змог сказаць, на якой менавіта стадыі цяпер распрацоўванне радовішча крэйды, аднак запэўніў, што ўся нарматыўная дакументацыя мае праходзіць як дзяржаўную, так і экалагічную экспертызу.