Адселеная зона, забруджаная радыенуклідамі, толькі на першы погляд выглядае бязлюднай і закінутаю. Калі прыгледзецца, паўсюль заўважныя сляды гаспадарчай дзейнасці. Тут збіраюць метал, паляўнічыя страляюць дзічыну. На адселенай тэрыторыі нават нарыхтоўваюць драўніну. І ўсё гэта нягледзячы на страшнае перавышэнне ўзроўню радыяцыі. Каля 50 вёсак на Гомельшчыне зніклі з мапы ў выніку аварыі на ЧАЭС. Мясціны, дзе некалі віравала жыццё, цалкам закінутыя. Цывілізацыя саступіла месца дзікай прыродзе.