Камуністы, як аказалася, маюць доўгую памяць і не даруюць старых крыўдаў. У судзе Маскоўскага раёну Менску разглядалі пазоў чальцоў КПБ да маладафронтаўцаў. Маладзёны амаль паўгода таму закідалі яйкамі помнік Леніна, за што і былі пакараныя. Але заяўнікі дамагаюцца яшчэ маральнай і матэрыяльнай кампенсацыі, бо яйкі запэцкалі не толькі правадыра, але вопратку і гонар прыхільнікаў ягоных ідэяў. Вось гэтак паўгода таму мітынг Камуністычнай партыі Беларусі ля помніка Леніна ў Менску не дачакаўся мірнага заканчэння. У чарговую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі ў помнік правадыра камунізму і ў ягоных жывых ідэйных нашчадкаў неспадзявана паляцелі яйкі.