КАСЦІЦЫНАЎ ЧАКАЮЦЬ У ПЯТНІЦУ Расейскі суперфорвард Аляксандр Радулаў пакуль адмовіўся дапамагчы сваёй зборнай на чэмпіянаце свету па хакеі ў Швецыі ды Фінляндыі з-за траўмы калена, вырашыўшы класціся на аперацыю. Хоць, як паведамляюць расейскія медыі, гэтае рашэнне не канчатковае. А вось аднаклубнікі Радулава з "Нэшвіл Прэдатарз" беларусы Касціцыны не бачаць перашкодаў для пералёту ў Скандынавію і могуць згуляць ужо ў суботнім вельмі важным двубоі са Славаччынаю. Як падкрэслівае афіцыйны сайт Міжнароднай федэрацыі хакею на лёдзе, Андрэй і Сяргей упершыню выступяць разам на міжнароднай арэне пасля чэмпіянату свету 2008 г., а пачыналі ўвогуле на юніёрскім першынстве планеты ў 2003 г. belsat.eu