18--19 траўня ў Беларусі праходзіць традыцыйная "Ноч музеяў". Разнастайную праграму падрыхтаваў гэтымі днямі для наведнікаў і сталічны музей Якуба Коласа. Адным з самых цікавых аказаўся праект "Выстава на адну гадзіну". Музей упершыню адкрыў для публічнага азнаямлення некалькі ўнікальных прыватных лістоў Коласа да ягонай знаёмай, Аляксандры Кетлер, а таксама вершы-прысвячэнні песняра гэтай жанчыне; дагэтуль лісты ніколі не публікаваліся.