Гран-пры чарговага прафесійнага конкурсу беларускіх фатографаў «Прэс-фота Беларусі» атрымаў фатограф-фрылансер Аляксандр Васюковіч за здымак «Маці Уладзіслава Кавалёва разглядае партрэт сына». Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прайшла 26 траўня ў менскай галерэі «Ў». Прызы раздаваліся ў намінацыях «Навіны», «Людзі ў навінах», «Спорт», «Паўсядзённае жыццё», «Традыцыі», «Партрэт», «Мастацтва і забавы» і «Прырода». Пры гэтым у кожнай намінацыі ацэньваліся як асобныя здымкі, так і серыі. Найбольшую колькасць прызоў у розных намінацыях атрымалі працы вядомых фатографаў Сяргея Грыца і Сяргея Гудзіліна.