Былы ваенны пілот, маёр запасу ВПС мяркуе, што адключэнне адразу двух рухавікоў, калі самалёт пачынае рэзка падаць, -- гэта вельмі рэдкая з'ява. Ён назваў дзве магчымыя прычыны катастрофы: выбух, выкліканы невядомымі чыннікамі, або запраўку няякасным палівам. Магчыма, на думку былога пілота, самалёт «дазаправілі некандыцыйным гаручым». Спачатку ўсё было ў норме, самалёт працаваў, як трэба, але як толькі ў рухавікі пайшло некандыцыйнае паліва, тэхніка выйшла са строю. Паводле Бахтарэвіча, тут магла падвесці тэхнічная інжынерна-авіяцыйная служба. «Гэты самалёт забіць не можа. Рухавікоў -- два. Механізацыя -- супер. Нават каб яго зваліць у «штопар», трэба моцна пастарацца», -- падкрэсліў маёр запасу.