Заявы Лукашэнкі пра беларуска-польскую мяжу носяць падбухторніцкі характар. Такую пазіцыю агучылі сёння паслу Беларусі Віктару Гайсёнку ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы. Прычынаю рэакцыі Варшавы сталася пятнічная заява Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы з групаю расейскіх журналістаў пра тое, што заходняя суседка нібыта аспрэчвае мяжу з нашаю краінаю. Паводле польскага вонкавапалітычнага ведамства, словы кіраўніка Беларусі -- безадказныя і разлічаныя на правакацыю непатрэбных праблемаў у дачыненнях паміж краінамі. Польскі бок нагадаў беларускаму дыпламату, што "незалежная Польшча ніколі не ставіла пад сумнеў непарушны характар польска-беларускай мяжы, што пацвярджае Дамова аб добрасуседстве 1992 года". Сяргей Марчык, "Аб'ектыў"