Астравецкая АЭС будзе будавацца на ўмовах поўнай адказнасці расейскага "Атамбудэкспарту". Сёння Беларусь і Расея падпісалі адпаведную кантрактную дамову. "Атамбудэкспарт" мае здаць "пад ключ" два энергаблокі Беларускай АЭС агульнаю магутнасцю да 2400 МВт. Першы блок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2017 годзе, другі -- на год пазней. Станцыя будзе будавацца паводле праекту "АЭС-2006", распрацаванага "Атамэнергапраектам". Крэдытнае пагадненне плануецца падпісаць напрыканцы года. АНДРЭЙ АЖАРОЎСКІ, ФІЗІК-ЯДРАВІК: "Незразумела, ці вылучыць крэдыт Расейская Федэрацыя. Гэта пытанне да Міністэрства фінансаў. Ізноў будзе гандаль, ізноў будзе, як з газам і нафтаю, доўгія перамовы. Потым трэба падпісваць генеральную дамову, дзе і тэрміны рэгулююцца, і кошты, і пытанні пастаўляльнікаў". Паводле першапачатковых разлікаў, агульны аб'ём фінансавання станцыі складзе каля 9,5 мільярда долараў. Сяргей Марчык, "Аб'ектыў"