ВЫНІКІ НА ЛЮБЫ ГУСТ З пераменным поспехам выступаюць беларускія каманды на 40-й мужчынскай і 25-й жаночай Сусветных шахматных Алімпіядах, што праходзяць у Стамбуле. У мужчынаў ад Беларусі ў трох першых турах за стол сядалі Кірыл Ступак, Уладзіслаў Кавалёў, Андрэй і Сяргей Жыгалкі, а таксама Віталь Цецераў. І пакуль займалі толькі 41-е месца са 150 краінаў-удзельніцаў. Першыя тры -- ЗША, Кітай, Нямеччына. Сёння гуляем з 60-ю ў гэтым спісе -- камандаю Перу. За жаночую зборную Беларусі фігурамі рухаюць Ганна Шарэвіч, Ланіта Сцяцко, Таццяна Рэва, Марыя Невясёлая і Настасся Зязюлькіна. Каманда перад чацвёртым гульнёвым днём займала 20-е месца са 127 зборных. Тут першынствуе Індыя, за якою ідуць Расея і Чэхія. Сёння нашыя суперніцы -- моцныя латышкі, якія займаюць 13-ю пазіцыю. СТАРТАВАЛІ НАШЫЯ ПАРАЛІМПІЙЦЫ Сёння ў барацьбу на Паралімпійскіх гульнях у Лондане ўступілі першыя беларускія спартоўцы. Адразу з поглядам на медаль выступіла на канале "Ітан Дорні" ў акадэмічным веславанні срэбная прызёрка Паралімпіяды-2008 Людміла Валчок. У заездзе адзіночак нашая дзяўчына адразу прабілася ў фінал "А", які пройдзе раніцою 2 верасня з трэцім агульным часам. Алена Александровіч і Максім Мятлоў гэтага пакуль не дамагліся і будуць адбірацца праз заўтрашні дадатковы заезд. Як і мікставая доўгая лодка, у якой веславалі Павел Герасімчык, Аксана і Руслан Сівіцкія, Ларыса Варона і Пётр Пятрыніч. У іх апошні, 12-ты час, але заўтра яшчэ адзін адборачны старт.