Страшная трагедыя ў Азербайджане. Пасажырскі аўтобус сутыкнуўся з цягніком. Шасцёра чалавек загінулі, каля паўсотні -- параненыя. Паводле папярэдняй версіі дарожнай паліцыі Азербайджану, на чыгуначным пераездзе каля Баку кіроўца аўтобусу вырашыў праскочыць перад блізкім цягніком, аб'ехаў шлагбаум, аднак не паспеў завершыць манеўру. Цяпер віноўнік здарэння ў шпіталі, у цяжкім стане. Аўтобус вёз на працу жыхароў пасёлку Лёкбатан, што непадалёк ад азербайджанскай сталіцы. Большасць пасажыраў -- працаўнікі нафтаперапрацоўчай прамысловасці. ПРАВАДНІКІ СТРАЙКУЮЦЬ Авіякампанія "Lufthansa" адмяніла сотні рэйсаў у сувязі са страйкам бортправаднікоў, найперш -- рэйсы на вялікія адлегласці. Страйкоўцы патрабуюць падвышэння заробку на 5 %. Спрэчкі ў найбуйнейшай авіякампаніі Нямеччыны працягваюцца больш за год. Сённяшні страйк непасрэдна закрануў толькі аэрапорт у Франкфурце -- самы вялікі ў Нямеччыне. Там месціцца база авіякампаніі "Lufthansa". Аднак 8-гадзінны страйк у Нямеччыне адразу ж адбіўся на авіяцыйным трафіку ў іншых краінах. Пасажыры, што не змаглі паляцець праз Франкфурт, карысталіся кружнымі маршрутамі. Кіраўнікі прафсаюзу "Lufthansa" лічаць сённяшні дзень вельмі паспяховым, ды плануюць працягваць такія акцыі пратэсту.