Рэзалюцыю, прынятую на Народным сходзе, арганізатары акцыі перадалі ў Савет Міністраў. У дакуменце ўдзельнікі сходу патрабуюць спыніць рост цэнаў, індэксаваць заробкі ды пенсіі, адмяніць кантрактную сістэму. Сярод палітычных патрабаванняў -- вызваленне палітвязняў і адстаўка ўраду. Адказ на дакумент чыноўнікі мусяць даць цягам месяца. У прыёмнай Дому ўраду арганізатараў сходу прыняў начальнік аддзелу лістоў і прыёму грамадзянаў Аляксандр Коўшар. Ва ўрад перадалі дакументы, прынятыя на сходах у адзінаццаці беларускіх гарадах. ІРЫНА ЯСКЕВІЧ, АРГКАМІТЭТ НАРОДНАГА СХОДУ Ў ВІЦЕБСКУ: «Мы нават не чакалі, што людзі падымуць тыя пытанні, якія мы і не рызыкнулі падымаць». ВІКТАР ІВАШКЕВІЧ, АРГКАМІТЭТ НАРОДНАГА СХОДУ Ў МЕНСКУ: «Я мала разлічваю, што ўлады раптам адумаюцца і пачнуць праводзіць рэформы. Прынамсі, на сённяшні дзень, пакуль пратэставыя акцыі былі малаколькасныя». Арганізатары Народнага сходу, сярод якіх -- лідары апазіцыйных партыяў, спадзяюцца, што наступная акцыя, якая адбудзецца 12 лістапада, мабілізуе больш людзей. Тым часам першая сустрэча адгукаецца прысудамі: учора штрафы за ўдзел у Сходзе атрымалі яшчэ два актывісты -- у Баранавічах і ў Гомлі. Адэля Дубавец, "Аб'ектыў"