Бел-чырвона-белы сцяг -- пад забаронаю, і не толькі у нашай краіне, але і ў суседняй Польшчы. Раённая пракуратура польскага гораду Быдгашч вынесла нечаканае рашэнне, з якога вынікае, што на польскіх стадыёнах беларусы могуць без асцярог заўзець толькі з чырвона-зялёнаю сімволікаю. Такі адказ атрымала група беларускіх заўзятараў на сваю скаргу, датычную выпадку на чэрвеньскім матчы па жаночым баскетболе ў Быдгашчы. Тады працаўнікі прыватнай фірмы аховы "Фоса" не дазволілі нашым землякам разгарнуць бел-чырвона-белы сцяг. Калі беларусы адмовіліся хаваць сімволіку, іх выдалілі са стадыёну, як яны кажуць, у даволі грубай форме. Тады заўзятары вырашылі змагацца за дазвол на сцяг на вышэйшым узроўні, хоць і без асаблівай надзеі на справядлівасць. ІГАР ШЧАКАРЭВІЧ, БАСКЕТБОЛЬНЫ ЗАЎЗЯТАР: "Я адразу чакаў такога адказу з Польскай пракуратуры, бо было бачна па паводзінах паліцыянтаў у Быдгашчы, калі мы іх выклікалі, каб скласці заяву аб здзяйсненні злачынства. Было бачна, што ім не падабаецца, што яны хочуць проста гэтую справу замяць". Ігар Шчакарэвіч збіраецца звярнуцца па прававую дапамогу да міжнародных арганізацыяў. Мар'яна Чарняева, "Аб'ектыў"