Нацыянальная футбольная зборная Беларусі ехала на стартавы адборачны матч чэмпіянату свету ў Тбілісі з упэўненасцю, што прыдбае тры пункты, а атрымала дзірку ад абаранка. У двубоі з камандаю Грузіі, якая пайшла на амаладжэнне складу і ад таго вялікіх турнірных задачаў не ставіць, дасведчаныя беларусы не здолелі зачапіць нават нічыю, саступіўшы 0:1. У наступным двубоі 11 верасня ў Сэн-Дэні нас у свае напалеонаўскія абдымкі прыме значна больш матываваная, хаця і далёкая ад сваёй найлепшай формы, зборная Францыі, якая распачала з мінімальнай перамогі над Фінляндыяй у Хельсінкі -- 1:0. belsat.eu