Пасля працяглага раману з новымі ўладамі Расеі да публікі вярнуўся той самы Андрэй Макарэвіч, якім фанаты ведалі яго ў 1980-я. Новая сатырычная песня стваральніка гурта «Машина времени» б'е рэкорды папулярнасці ў інтэрнэце. Школьнікаў у ашаломленым мястэчку пераапранаюць у параднае, траву фарбуюць, бяздомнікаў вывозяць з гораду, а начальства сварыцца, высвятляючы, хто сустрэне высокага госця. Песня малюе карціну, добра знаёмую не толькі расейцам. Новы твор Андрэя Макарэвіча з'явіўся як водгук на прапанову вылучыць Пуціна кандыдатам на прэзідэнта. Музыка расчараваўся з-за адсутнасці выбару, перад якой апынулася Расея. У 2008 г., пасля перамогі Мядзведзева на выбарах, Макарэвіч са сваім гуртом выступіў на канцэрце ў падтрыманне тандэму. Цяпер жа музыка, як і лідар гурта «Чайф» Уладзімір Шахрын, заяўляе, што не будзе ўдзельнічаць у шоу на Чырвонай плошчы, калі ў 2012 г. Пуцін пераможа на выбарах. Адэля Дубавец, «Аб'ектыў»