Беларусь вінная «Газпрому» каля ста мільёнаў долараў. Такую суму называе выданне «Московские новости» са спасылкаю на крыніцу, блізкую да газавых перамоваў паміж урадамі Беларусі і Расеі. Запазычанасць сабралася гэтым летам праз тое, што Менск плаціў менш, чым трэба паводле кантракту, матывуючы гэта фінансавымі цяжкасцямі з-за дэвальвацыі нацыянальнай валюты. У "Газпроме", як і ў Менску, гэтай інфармацыі не каментуюць. Напярэдадні стала вядома пра запазычанасць, пагашэнне якой афіцыйны Менск чарговы раз просіць адтэрмінаваць. Улады Беларусі запрапанавалі падзяліць суму на роўныя долі ды правесці выплаты налета. Або ўлічваць гэтую запазычанасць пры фармаванні цаны на газ на 2012 год. Ужо вядома, што кошт газу для Беларусі можа скласці 288 долараў за 1000 кубаметраў. Новыя пагадненні аб продажах і транзіце газу Беларусь і Расея разлічваюць падпісаць ужо ў лістападзе. Летась праблемы з выплатамі выліліся ў газавы канфлікт. Тады Расейскі канцэрн скараціў экспарт газу ў нашую краіну. Вольга Саўле , «Аб'ектыў»