У Трыпалі руйнуюць рэзідэнцыю Кадафі. Сырт не здаецца Сілы, верныя былому кіраўніку Лівіі, палкоўніку Муамару Кадафі, распачалі нечаканы контрнаступ супраць войскаў Нацыянальнай пераходнай рады ў горадзе Сырт, прымусіўшы іх у спешцы адступіць на 2 км. Наступу папярэднічаў моцны ракетны і кулямётны абстрэл. У жылым раёне аль-Долляр у Сырце ўжо трэці дзень працягваюцца сутычкі прадстаўнікоў апазіцыі з сіламі, якія падтрымліваюць палкоўніка Кадафі. Байцы Нацыянальнай пераходнай рады абвінавачваюць апошняга ў выкарыстанні жанчын і дзяцей, якія жывуць у раёне, у якасці жывога шчыта. «Мы пераймаем кантроль ужо над другім жылым раёнам. Яны выкарыстоўваюць дзяцей і сем'і ў якасці жывога шчыта, але мы робім усё, каб выбавіць гэтыя сем'і з іхных рук», -- заявіў камандзір паўстанцаў Мустафа Абу Зіед. У Сырт накіроўваюцца танкі і баявыя машыны. Паводле Мустафы Абу Зіеда, паўстанцы ўступяць у аль-Долляр яшчэ сёння. Жорсткія сутыкненні паміж паўстанцамі і сіламі палкоўніка Кадафі працягваюцца ў горадзе Бані Ўалід, дзе сілы пераходнай рады, якія атрымалі падмацаванне і цяжкае ўзбраенне, занялі прамысловы раён у цэнтры гораду. Тым часам у сталіцы Лівіі Трыпалі ў нядзелю пачаўся знос рэзідэнцыі Муамара Кадафі. Дом руйнуюць два бульдозеры, якімі кіруюць узброеныя людзі. belsat.eu