Першыя начныя замаразкі -- першыя ахвяры. За апошнія дзве ночы толькі ў Менску ў выніку пераахалоджвання загінулі шасцёра чалавек. Паводле сталічнай пракуратуры, усе загінулыя -- мужчыны без пэўнага месца жыхарства. Уратавацца ж ад холаду было магчыма, запэўнілі «Аб'ектыў» у сталічным камітэце сацыяльнай абароны насельніцтва. ВІКТОРЫЯ ГРАЧЫХА, УПРАЎЛЕННЕ САЦЫЯЛЬНЫХ УСТАНОВАЎ: «У нас у Менску функцыянуе дом начнога знаходжання для асобаў без пэўнага месца жыхарства -- калі ласка, хай людзі звяртаюцца! Ён разлічаны на 90 койка-месцаў, і на сёння там ёсць вольныя месцы. Новых дамоў на сёння сітуацыя пакуль што не патрабуе». Найбольшую небяспеку мароз уяўляе для людзей нападпітку. Цвярозы чалавек мае нашмат больш шанцаў уратавацца, нават калі яму няма дзе жыць, упэўненыя ў сталічным камітэце сацыяльнай абароны. Начны дом у сталіцы месціцца па адрасе вул. Ваўпшасава, 42. Уся дапамога абяздоленым грамадзянам тут -- бясплатная. Аднак для рэгістрацыі патрэбная даведка аб праходжанні медычнага агляду, а таксама менская прапіска. Валеры Руселік, «Аб'ектыў»