Ледзь не штодня ля Пакроўскага сабору ў Горадні з працягнутаю рукою можна ўбачыць спадарыню Тамару. СПАДАРЫНЯ ТАМАРА: «Гэта ж ад безвыходнасці. Дадуць вось пачак пячэння, пайду з вадою вып'ю». Паесці яна яшчэ можа ў Брыгіцкім касцёле, дзе бясплатныя абеды для бяздомнікаў арганізоўвае дабрачынная арганізацыя «Карытас». Тут гатовыя таксама дапамагчы і лекамі, і -- калі трэба -- вопраткаю. АЛЕНА МІХАЙЛІК, ДАБРАЧЫННАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ «КАРЫТАС»: «Мы дапамагаем шматдзетным сем'ям, сіротам, інвалідам, бяздомнікам. У нас ёсць сацыяльны пункт, дзе штогод сям'я можа атрымаць дапамогу ў выглядзе прадуктаў і вопраткі б/в». Бо менавіта гэтыя катэгорыі насельніцтва найчасцей у Беларусі жывуць за рысаю беднасці, маючы прыбытак, меншы за пражытковы мінімум. Да праведзенай у траўні дэвальвацыі ў лік бедных траплялі каля 6 % беларусаў. На фоне суседзяў гэтая лічба выглядала няблага: з больш як 10 % у Расеі, 16 % у Еўразвязе і ажно 25 % ва Украіне. Вось толькі і ва Украіне, і ў Расеі пражытковы мінімум вышэйшы за беларускі, а ў Еўразвязе для аднясення ў катэгорыю бедных чалавек мусіць мець прыбытак, меншы за сярэдні заробак -- прыкладна 800 еўраў. ТАЦЦЯНА КАЛІНОЎСКАЯ, ГАЗЕТА «БЕЛОРУСЫ И РЫНОК»: «Бюджэт пражытковага мінімуму на Захадзе атрымліваюць тыя, хто працуе палову дня або, можа, наогул часова не працуе, беспрацоўны. Там рэгулюецца гэтым сітуацыя самых бедных». За першае паўгоддзе прыбытак, меншы за 500 тыс. руб. або блізкі да таго самага пражытковага мінімуму, мелі больш за 16 %беларусаў <b>...</b>