Праграмны артыкул аўтарства прэзідэнта Беларусі з'явіўся акурат напярэдадні сустрэчы у Пецярбурзе. Адна з тэмаў саміту -- будучыня Еўразійскага эканамічнага саюзу, які мусіць стацца новым этапам інтэграцыі Расеі, Беларусі ды Казахстану -- краінаў, што ўжо ўтварылі адзіную мытную прастору. Чакаецца, што ў снежні дакумент аб ўтварэнні ЕЭС падпішуць прэзідэнты трох дзяржаваў. Тым часам праект дэкларацыі аб фармаванні новага саюзу будуць разглядаць у паўночнай сталіцы Расеі ўжо заўтра. Сустрэчы ў паўночнай сталіцы Расеі адбываюцца ў межах 2-га саміту кіраўнікоў урадаў краінаў Мытнага саюзу ды СНД. Першым этапам стварэння Еўразійскага саюзу мусіць стаць кадыфікацыя ўсёй нарматыўна-прававой базы Агульнай эканамічнай прасторы, запуск якой плануецца на студзень 2012 года. У перспектыве перад трыма дзяржавамі стаіць пытанне аб узгадненні валютнай палітыкі, пераходзе да адзінай візавай ды міграцыйнай палітыкі, а таксама адмова ад унутранага памежнага кантролю. Сёння пытанні, якія перашкаджаюць падпісанню Дамовы аб зоне свабоднага гандлю ў межах СНД, вырашалі кіраўнікі ўрадаў краінаў Садружнасці. Вольга Саўле, "Аб'ектыў"