Лайнеру Як-42, што пацярпеў крушэнне пад Яраслаўлем, не хапіла хуткасці для разгону на паласе. Такую версію катастрофы агучыў намеснік міністра транспарту Расеі Валерый Акулаў. І сёння ж Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт апублікаваў папярэднія звесткі з бартавых прыладаў самалёту. Паводле іх, рухавікі на момант аварыі былі ў працоўным стане. Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт, які праводзіць тэхнічнае расследаванне крушэння лайнеру, зможа назваць папярэднія прычыны трагедыі ўжо праз тры-чатыры дні. Пра гэта паведаміў кіраўнік следчага камітэту Расеі ў Яраслаўскай вобласці Алег Ліпатаў. Следства разглядае тры асноўныя версіі: памылка пілатавання, адказ сістэмаў самалёту і няякаснае паліва. Тым часам з'явіліся кадры апошняга прабегу самалёту Як-42, якія зафіксавалі камеры назірання аэрапорту "Туношна" пад Яраслаўлем. Набіраючы хуткасць, Як-42 выехаў за межы ўзлётна-пасадачнай паласы і праехаў па траве прыкладна 400 метраў. Каб набраць неабходную вышыню, не хапіла моцы рухавікоў. Лайнер перавозіў хакеістаў клубу "Лакаматыў". З 45 чалавек, што былі на борце, выжылі толькі двое -- нападнік Аляксандр Галімаў і бортінжынер Аляксандр Сізоў. У Яраслаўскай вобласці ў сувязі з трагедыяй абвешчаная трохдзённая жалоба. Вольга Саўле, "Аб'ектыў"